КОССОВСКИЙ ДВОРЕЦ
Рэпартаж з мерапрыемства " Тадэвуш Касцюшка ў дыскурсе 200-гадовай прасторы памяці»
22 чэрвеня 2017 года адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Тадэвуш Касцюшка ў дыскурсе 200-гадовай прасторы памяці». Арганізатарамі выступілі дзяржаўная навуковая ўстанова “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” і Польскі інстытут у Мінску.
Мерапрыемства прайшло ў рамках Года навукі, які абвешчаны ў Беларусі, з нагоды абвешчанага ЮНЕСКА года Касцюшкі ў сувязі з двухсотай гадавінай смерці героя. Мэтай канферэнцыі з’яўлялася навуковае асэнсаванне постаці Т. Касцюшкі ў памяці, гісторыі і культуры розных народаў, перадусім беларускага, польскага, літоўскага, амерыканскага. Сярод асноўных аспектаў канферэнцыі фігуравалі наступныя:
-жыццё і дзейнасць Тадэвуша Касцюшкі;
-гістарычная постаць Тадэвуша Касцюшкі ў культуры розных народаў;
-музеефікацыя спадчыны Тадэвуша Касцюшкі і звязаныя з ім памятныя мясціны.
У канферэнцыі прынялі ўдзел 23 чалавекі. Сярод іх – кіраўнікі ўстаноў-арганізатараў (А. Лакотка і М. Адамскі), а таксама кіраўнікі грамадскіх арганізацый Беларусі і Польшчы (Л. Несцярчук і Л. Кшэсняк). З дакладамі выступілі гісторыкі, культуролагі, мастацтвазнаўцы, літаратуразнаўцы, музеязнаўцы, краязнаўцы Беларусі і Польшчы. Былі прадстаўлены 22 даклады, 4 з іх – польскімі даследчыкамі.
Высокі навуковы статус форума быў забяспечаны тым фактам, што, за рэдкім выключэннем, выступоўцы мелі вучоныя ступені кандыдатаў і дактароў навук. Інфармацыя выклікала ўзаемны інтарэс і плённыя дыскусіі. Пры падвядзенні вынікаў была адзначана важнасць мерапрыемства, яго значэнне ва ўшанаванні памяці пра Т. Касцюшку і для мацавання беларуска-польскай дружбы. Плануецца выданне зборніка матэрыялаў, абмеркаваных на канферэнцыі.